Суббота, 18 09 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Проза «Полымя». Кірыл Стаселька. «Малус». Апавяданне

  • Вторник, 23 марта 2021 01:43

Стаселька Кірыл Ігаравіч нарадзіўся 25 ліпеня 1990 года ў горадзе Барысаве Мінскай вобласці. Скончыў факультэт філасофіі і сацыяльных навук Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2013). Зараз — навуковы супрацоўнік Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Аўтар кніг «Дзіцячы маніфест» (2015), «Marginalis» (2016), «Дзевяць жыццяў Віта Морэ» (2019).

 

Малус

 

Як і сотні гадоў да гэтага, ён самотна стаяў паміж небам і зямлёй. Горда, самадастаткова, велічна, але без ценю пагарды і пыхі. Яго мінулае сыходзіла глыбока ў зямлю і адбівалася коламі ўнутры. Мала што, мабыць, толькі час меў уладу над ягоным існаваннем. Прынамсі, так было раней і мусіла быць далей.

Гэтым прахалодным ранкам, калі раса яшчэ скочвалася па травінцы, да яго накіроўваліся двое братоў — Бестар і Ісінар.

 — Ад яго заўсёды такі велізарны цень, і чорны, нібы яма або дзірка ў пекла.

— Таму што крона вялікая і густая, не прапускае ані дождж, ані сонечныя прамяні. Калі вырасту, загадаю пад Малус выносіць сталы і крэслы, і, як наш дзед, буду прымаць гасцей на вуліцы, — мройна сказаў Бестар.

Хлопчыкі наблізіліся да дрэва. Бестар хадзіў вакол, гладзіў рукой ствол, закідваў галаву, каб угледзець яго вяршыню, а Ісінар застаўся наводдаль так, каб не наступаць на цень, ды зрэдку азіраўся па баках.

— Можа, не варта? Бацька загадаў не хадзіць да Малуса.

— Проста ён верыць, што яно вырасла з попелу пасля таго, як цмок спаліў тут усё.

— Няўжо ты не верыш? Бацьку тут укусіла змяя.

— Ну і што? Мне не страшна! Людзі майго стану ніколі і нічога не баяцца.

— А бацька…

— Бацька, бацька... Што ты як... Глядзі! — Бестар паспрабаваў ускараскацца на дрэва. — Занадта высока да галінак. Ідзі сюды.

Ісінар неахвотна падышоў, упёрся спінай у ствол і звёў далоні так, каб брат здолеў паставіць нагу. Пасля некалькіх няўдалых спроб, Бестар падумаў і заключыў:

— Так нічога не атрымаецца. Калі я скажу, рэзка падштурхоўвай мяне.

Нарэшце яму ўдалося схапіцца за бліжэйшую галіну. Пасля хлопчык прыўзняў цела і абхапіў яе нагамі. Яшчэ трохі высілкаў і Бестар ўжо роўна стаяў на дрэве.

— Ну як?

— Файна, але хутчэй спускайся.

— Ха, адразу спусціцца?! Глядзі!.. Ты б змог так?

Чапляючыся за галінкі, Бестар уздымаўся ўсё вышэй. Зрэдку ён спыняўся і глядзеў уніз, каб ацаніць, на колькі ўскараскаўся яшчэ. Калі рукі стаміліся і пачалі налівацца слабасцю, то сеў адпачыць, абхапіўшы галінку рукамі і нагамі. А Ісінар, задраўшы галаву, увесь гэты час з асцярогай сачыў за братам.

— Досыць, пойдзем ужо.

— Чаго ты так баішся? Зараз пойдзем. Глядзі...

Бестар падняўся, павольна адвёў рукі ад ствала і, балансуючы на галінцы, зрабіў крок. Затым яшчэ адзін...

* * *

Горад даўно не быў такім ажыўленым. Чыноўнікі і духавенства, да ўсеагульнага здзіўлення, павылазілі са сваіх нор, цягаліся туды-сюды па горадзе, хадзілі па хатах, задавалі пытанні, нешта шукалі. Пакуль улады былі занятыя сваімі справамі і знаходзіліся ў мітуслівых турботах, гараджане засталіся адны ў прадчуванні чагосьці значнага. Людзі запаўнялі вуліцы, плошчы, рынкі, пераказвалі чуткі, дзяліліся здагадкамі. Былі і тыя, хто адмыслова прыязджалі з іншых гарадоў. То быў час асабліва прыцягальны для рознага кшталту вар’ятаў, псеўдапрарокаў, блазнаў, бунтаўнікоў і злачынцаў. Немалую выгаду мелі ад таго і гандляры, уладальнікі заезных двароў, бардэляў і шынкоў.

Суд склікалі ў тэрміновым парадку. Хоць працэс і яго падрыхтоўка праходзілі ў спешцы, адказныя асобы ўсё ж намагаліся трымацца ўсіх правілаў.Кандыдата ў абвінаваўцы падбіралі старанна і ў выніку прызначылі Очунсі — філосафа і багаслова, чалавека ўмелага, спрытнага ў падобных працэдурах.А вось promotor fidei1  вызначылі ў самы апошні момант. Таму ў Фуса, і без таго малавопытнага маладога чыноўніка, часу на грунтоўную падрыхтоўку не засталося, і распрацоўваць стратэгію абароны давялося па ходзе. Суд зацягнуўся больш як на месяц. Праца калегіі пачыналася раніцай і заканчвалася позна ўвечары.

Очунсі раз-пораз запрашаў выступіць усё новых і новых сведак. Так, напрыклад, старая служанка ўспамінала выпадак, калі мыла адзежу на рэчцы:

— Звычайна я хаджу з самай раніцы, але ў той дзень закруцілася. Зусім ужо спраў аказалася шмат. Ды і дзень вельмі гарачы выдаўся, а я ж не маладая даўно...

— Бліжэй да справы, — перапыніў яе Очунсі.

— Вярталася я, калі зусім сцямнела. Стамілася, а яшчэ ўсё назад несці, спіна баліць...

— Бліжэй да справы. Нас цікавіць канкрэтны выпадак з Малусам.

— Добра-добра. Ішла я па сцежцы ля самага дрэва. Бачу — нешта дзіўнае. Прыгледзелася, а там на галінах чэрці. Хто спіць і храпе, як мой нябожчык муж, а хто на арэлях гушкаецца. Я спалохалася, а яны як закрычаць, як заравуць. І ўсё брыдоту мне ўсялякую казалі, свісталі. Так напалохалася, што кінула ўсё, што памыла, і хутчэй адтуль. Дык некалькі саскочылі і за мной. То адзін, то другі давай мяне шчыпаць. Ох і нацярпелася я! Гаспадыні раніцай распавяла, так яна мяне яшчэ пакарала, што рэчы кінула. А я ёй...

— Дзякуй, досыць!

Пасля слова далі жанчыне, чый муж дваццаць гадоў таму павесіўся на Малусе:

— Мой муж быў чалавекам набожным. Жылі мы добра, шчасліва. Так, было ўсялякае, і дрэннае і добрае, здараліся складанасці, але як ва ўсіх. Я ўпэўнена, што сам бы ён так ніколі не паступіў. Гэта ўсё праклятае дрэва, гэта ўсё Малус, гэта яно вінаватае.

Бацькі распавялі пра выпадак, які здарыўся з іх маленькай дачкой. Маці — далікатная невысокая жанчына — ціхенька плакала побач, а бацька з горыччу прыгадваў падзеі мінулага года:

— Наша дзяўчынка раней была такая вясёлая, нястомна бегала, гуляла з іншымі дзецьмі. У ёй было столькі жыццёвай сілы... Але пасля таго выпадку каля дрэва ўсё змянілася. Дачушку нешта напалохала так моцна, што ў яе адняло мову. Таму мы нават не ведаем дакладна, што зрабіў гэты кляты Малус, што яна там убачыла. Цяпер наша дзяўчынка днямі сядзіць на адным месцы і нічога з таго часу не гаворыць. З дзецьмі больш не гуляе, усяго баіцца. Не ведаем, што і рабіць. Ужо і да шаптухі вадзілі, і да бацюшкі.

За ўвесь гэты час апыталі каля пяцісот сведак. Іх гісторыі так уразілі судовую калегію і прысутных на працэсе, што, нягледзячы на ўсе намаганні Фуса, пераканаць хоць каго-небудзь яму не ўдавалася.

— Шмат з таго, што мы тут пачулі, — проста забабоны і здагадкі. Варта прызнаць, што людзі робяць дрэнныя рэчы, падманваюць, здраджваюць, палохаюць дзяцей. Але мы б не асудзілі ні аднаго з іх за тое, за што вы хочаце асудзіць дрэва, — Фус нервова і дарэмна перабіраў свае запісы, зрэдку спрабуючы адшукаць вачыма падтрымку сярод прысутных. — Мала таго, гісторыі, якія мы тут пачулі, сведчаць не супраць, але на карысць Малуса. Дрэва проста стаіць, як і сотні гадоў да гэтага. Малус адзінае стварэнне, якое нічога не робіць. Усё адбывалася толькі пры ўдзеле або назіранні чалавека…

— Я разумею, да чаго вы хіліце, — перапыніў апанента Очунсі. — Не цягніце нас у бок, не блытайце дэмагагічнымі разважаннямі. Мы судзім Малуса за канкрэтнае злачынства супраць царскай сям’і, а не за папярэднія выпадкі, пра якія тут пачулі! І спашлюся на вашыя ж аргументы. У дадзенай справе Малус, па-першае, быў актыўным суб’ектам. Па-другое, ягонае злачынства з’яўляецца злачынствам супраць Бога. А па-трэцяе, за падобнае асудзілі б і чалавека — сярод прысутных пачуўся занепакоены вокліч — мала таго, што Малус скінуў з вялікай вышыні царэвіча Бестара ў спробе забіць яго, так ён яшчэ і скінуў дзіця на царэвіча Ісінара. Нам, нашаму народу пашанцавала, Бог уратаваў, што браты ўсяго толькі паламалі рукі, ногі, пакалечыліся, але не загінулі. Гэта значыць, калі вы не разумееце, што Малус спрабаваў забіць царэвічаў, а фактычна пакінуць нас, нашу дзяржаву без будучага цара. Але калі вам і гэтага мала, я працягну і запытаюся: хто такі цар? Яго ўлада — ад Бога. Цар — яго прадстаўнік, намеснік. І што, як не замах на царскую сям’ю, сведчыць пра тое, што Малус паквапіўся на ўладу Бога?! І што, як не гэта сведчыць пра д’ябальскае паходжанне гэтага дрэва?! І якое ж, у такім выпадку, пакаранне мусіць чакаць Малуса?...

* * *

Штодня чуткі, нібы марскі прыліў, затаплялі горад. Сведчанні аб працэсе прасочваліся за дзверы суда нават раней, чым канчалася яго праца. Кожнае выступленне, кожная гісторыя, вартая хоць нейкай увагі, перадавалася ад гараджаніна да гараджаніна, абрастаючы ўсё новымі падрабязнасцямі і «сакрэтамі». Найбольш моцную хвалю здагадак і цікавасці выклікаў апошні выступ Очунсі, пасля якога нецярплівыя і згаладалыя па відовішчах людзі прыступілі да актыўных дзеянняў. У апошні дзень, не дачакаўшыся абвяшчэння прысуду калегіі, некалькі сотняў мужчын і жанчын, не без падбухторвання з боку мясцовых «прарокаў», накіраваліся да Малуса, каб пакараць дрэва. Але падобнае народнае самаўпраўства ніколі не віталася царамі і іх чыноўнікамі як пагроза боскай уладзе і існуючай іерархіі.

У тую ноч у сутыкненнях з царскай гвардыяй пацярпелі многія гараджане, сярод якіх былі і загінулыя, але самасуд над Малусам атрымалася прадухіліць. Пасля інцыдэнту гарадскія ўлады выставілі ахову паблізу дрэва, а абвяшчэнне прыгавору адклалі на некалькі дзён. Спачатку ў зачыненай зале, а пазней публічна на гарадской плошчы, было агучана рашэнне суда, згодна з якім «дрэва Малус абвінавачвалася ў спробе забойства царэвічаў, выступленні супраць цара і Бога» і прыгаворвалася да катаванняў і знішчэння.

* * *

Як і сотні гадоў да гэтага, Малус самотна стаяў паміж небам і зямлёй. Горда, самадастаткова і велічна.

* * *

На працягу некалькіх дзён трое катаў павольна вырывалі ў Малуса па адным лісточку. Калі дрэва пазбавілі ўсёй яго зеляніны, узяліся за галінкі. Спачатку адломлівалі зусім маленькія і кароткія, якія, як дзеці, цягнуліся да буйнейшых. Чым далей прасоўваліся каты да тоўстых галінак, тым больш высілкаў ім трэба было, і тым больш жорсткімі станавіліся рухі. Метадычны трэск ломкага дрэва ператвараўся ў нешта накшталт манатоннага стогну або крыку. Калі сіл чалавечых рук перастала хапаць, каты скарысталіся піламі, ад чаго працэс катаванняў асуджанага напоўніўся не толькі сумнымі, але ўжо і злавеснымі гукамі.

Нарэшце пра два тыдні з зямлі застаўся тырчаць роўны «голы» ствол (у які на некаторы час нават дазволілі кідаць ці проста ўтыкаць нажы і сякеры ўсім ахвотным). Але каб паваліць і канчаткова звергнуць Малус, яшчэ давялося перакопваць тоўстыя карэнні, секчы іх сякерай, затым зноў капацьсекчы-капаць... І так раз за разам. Мабыць, гэтая частка далася катам найбольш цяжка. Каранямі дрэва ядналася з зямлёй так глыбока, што нават калі атрымалася аддзяліць ствол, прыйшлося перакапаць на некалькі дзясяткаў метраў усю глебу вакол, каб выцягнуць апошнія рэшткі «д’ябальскай плоці». Але і тады яшчэ не ўсё было скончана.

Каты, пры дапамозе некалькіх падручных, паклалі ствол на велізарныя козлы, каб падоўжыць экзекуцыю, наносячы хаатычныя пашкоджанні незаменчанымі гэблямі, а пасля распілавалі яго на роўныя часткі. У завяршэнне асвенчанай сякерай раскалолі масіўныя калодачкі на палены.

Увесь гэты час на гарадской плошчы рыхтавалася месца пакарання. Часткі Малуса — лісце, галінкі, карані, пасечаны ствол — перавезлі калёсамі і звалілі ў гіганцкую кучу. На працягу наступных трох дзён гараджане прыходзілі да гэтага месца, каб праклясці, плюнуць або памачыцца на рэшткі дрэва. Усеагульныя ажыўленне і радасць у дзень пакарання смерцю нечакана азмрочыў ранішні дождж, які да вечара перарос у лівень. Усялякія спробы распаліць агонь ані да чаго не прывялі, і для ўсіх гэта стала доказам таго, што д’ябал да апошняга спрабуе абараніць уласнае спараджэнне.

Канчаткова пакаранне ўдалося выканаць праз два дні, калі дождж скончыўся, а драўніна трохі падсохла. Адзін з катаў абліў рэшткі гаручым і паднёс факел. Полымя ахапіла Малус. Натоўп гараджан заліўся гулам. Адны люта выкрыквалі абразы, іншыя з палёгкай плакалі. Былі і тыя, хто шчыра радаваўся. За ўсім гэтым шумам немагчыма было пачуць трэск. Але ўжо трэск не дрэва, якое гнецца або ламаецца, а вогнішча, што бязлітасна паглынае сваіх ахвяр.

* * *

Увесь попел, які атрымалася згрэбці, высыпалі ў глыбокую яму, залілі вядром асвенчанай вады ды закапалі, а на тое месца перацягнулі некалькі валуноў.

 

Чытайце больш у часопісе «Полымя» №3, 2021.

Прочитано 304 раз